РУ БЕ EN

Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2022

21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. У дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа №31 г. Брэста" гэтае свята стала выдатнай нагодай, каб узгадаць мову нашага народа, самім загаварыць на ёй і разам правесці тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Пры актыўным удзеле бацькоў і вучняў была наладжана выстава "Беларуская лялька", якая дала магчымасць вылучыць самых таленавітых і крэатыўных, неабыякавых да народнай спадчыны.

Не менш цікавай стала кніжная выстава «Кніга: учора, сёння, заўтра». Навучэнцы маглі патрымаць каштоўныя выданні 1891 г., 1938-1939 гг., а таксама пазнаёміцца з падручнікамі на беларускай мове, па якіх вучыліся бабулі, а магчыма, і прабабулі.

Не можа не радаваць тое, колькі людзей сабралася для напісання дыктанта па беларускай мове. Зацікаўленыя вучні і настаўнікі прыйшлі, каб праверыць свае сілы ў веданні роднай мовы. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя сувеніры.  Лепшыя сярод настаўнікаў і вучняў былі ўзнагароджаны спецыяльнымі прызамі.

Падчас інтэрактыўных перапынкаў апранутыя ў нацыянальныя касцюмы вучні праводзілі бліц-апытанне «Далучыся да народнай мудрасці», інтэлектуальную віктарыну “Зямля бацькоў – жыцця крыніца”.

Закончыўся тыдзень святам беларускай паэзіі “І Слова - россып залатых зярнят...”, у якім прынялі ўдзел усе жадаючыя. На працягу гадзіны  гучалі  вобразныя, напеўныя радкі вершаў беларускіх паэтаў, якія дапаўнялі пяшчотныя, пранікнёныя беларускія мелодыі ў выкананні вучняў. Сваімі вершамі падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хільковіч Алена Іванаўна. Гучала са сцэны сур’ёзнае і вясёлае, грымотнае і пяшчотнае яскравае беларускае слова.

Тыдзень завяршыўся, а слова роднае працягвае гучаць на перапынках, у час вучэбных заняткаў, таму што “жывое ў вяках беларускае слова – народа душа і народа хвала”.

Информация взята из  интернет портала Образования Ленинского района г. Бреста